МАДАГАСКА́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ Займае востраў Мадагаскар і шэраг архіпелагаў і астравоў Індыйскага акіяна: Каморскія, Маскарэнскія, Сейшэльскія і інш. Уваходзіць у царства Палеагею (гл.Царствы біягеаграфічныя).
У флоры больш за 8,5 тыс. відаў раслін. Найб. пашыраны архідныя (больш за 900 відаў), бамбукі, пальмы. Шмат эндэмікаў з кветкавых раслін (эндэмічных 6—9 сямействаў). Тыповыя віды-эндэмікі — «дрэва падарожнікаў», сейшэльская пальма. Фауна з ранняга неагену развівалася самастойна ад інш. біягеаграфічных абласцей, найб. звязана з фаунай Афрыкі, але некат. віды сведчаць пра стараж. сувязі з Паўд. Азіяй і Амерыкай. 4 атрады нелятаючых млекакормячых, усе віды якіх эндэмічныя: віверавыя, прыматы (лемуравыя, індры, ай-ай), тэнрэкі, хамякі мадагаскарскія. Астатнія млекакормячыя — перасяленцы з Афрыкі (кажаны, кісцявухія свінні, пацукі, мышы). З птушак 50% відаў — эндэмікі (вангавыя, курапаткі пастушковыя, філяпітавыя). З паўзуноў геконы, кракадзілы (нільскі), хамелеоны, чарапахі (сухапутныя і бакашыйныя). Усе земнаводныя адносяцца да жаб (каля 150 відаў, большасць эндэмічныя). З рыб трапляецца некалькі солетрывалых відаў (хромісы, карпазубыя і інш.). З беспазваночных большасць відаў паходзіць з Афрыкі, эндэмікаў мала (некат. скарпіёны і інш).
Да арт.Мадагаскарская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — лемур мышыны; 2 — лемур вары; 3 — ай-ай; 4 — голуб маўрыкійскі; 5 — пустальга маўрыкійская; 6 — пастушок мадагаскарскі; 7 — ілжэнектарніца драбнадзюбая; 8 — удаў драўляны.